КУЛЬТ РЭЛІГІ́ЙНЫ,

сістэма абрадаў, сродкаў і дзеянняў, накіраваных на абгрунтаванне веры ў звышнатуральнае і зацверджаных у царк. канонах. Яго вытокі ў дахрысц. культах, якія ўключалі розныя праяўленні фетышызму, магіі, татэмізму і да т.п. Элементамі К.р. з’яўляюцца як простыя акты (паклоны, малітвы, пасты, стаянне на каленях і інш.), так і больш складаныя (святы, абрады, набажэнствы, культ святых і інш.). Да іх належаць таксама культавыя збудаванні (храмы, малітоўныя дамы), рэліквіі, адзенне святароў, розныя прыстасаванні для набажэнстваў і інш. Формы К.р. суадносяцца з гіст. формамі рэлігіі: культы татэмічныя, пахавальныя, родавыя, магічныя, анімістычныя (экзаркізм), астральныя, жывёльныя (зоалатрыя), прапіцыяльныя (звязаныя з шанаваннем багоў, якія нібыта кіруюць лёсам як Сусвету, так і кожнага чалавека). Развіццё і ўскладненне К.р., неабходнасць іх абгрунтавання абумовілі з’яўленне спецыфічнай рэліг. супольнасці, храмаў, іерархіі святароў, якія рэгламентавалі К.р. і манапалізавалі права здзяйсняць культавыя дзеянні. К.р. як найб. даступны элемент рэлігіі і непасрэдна набліжаны да простых вернікаў, стымулюе пачуццёва-рэліг. светаўспрыманне, і ў выніку сам ператвараецца ў самастойны аб’ект веры і шанавання як паказчык рэлігійнасці народа.

А.А.Цітавец.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)